Дзень беларускага пісьменства

Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першую нядзелю верасня.

Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

Традыцыйна Дзень беларускага пісьменства праходзіць у гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання.

Упершыню, у 1994 годзе, святочныя мерапрыемствы адбыліся ў старажытным горадзе Полацку.

Потым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Заслаўе, ШчучынРагачоў.

У 2026 годзе XXXIII Дзень беларускага пісьменства прымуць Касцюковічы (Магілёўская вобласць). Гэты край – радзіма цэлай плеяды яркіх зорак нацыянальнай літаратуры: Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава, Васіля Хомчанкі, Аляксея Русецкага, Алеся Пісьмянкова і інш. І ў свята слова іх імёны будуць гучаць мацней. Абноўлены краязнаўчы музей адкрые новыя экспазіцыі, у тым ліку пра знакамітых землякоў-літаратараў. Наведвальнікі ўбачаць фондавыя матэрыялы, асабістыя рэчы, рукапісы і машынапісы, многія з якіх дэманструюцца ўпершыню. Сярод унікальных экспанатаў – машынапіс Івана Чыгрынава з праўкамі для пасяджэння Асамблеі ААН. На цэнтральнай плошчы горада з’явіцца новая скульптурная кампазіцыя “Алесь і Алеся”, натхнёная знакамітым вершам Аркадзя Куляшова “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая”. Сэнсавым акцэнтам фестывалю стануць унікальныя ўзоры беларускага царкоўнага кнігадрукавання: кожная вобласць пакажа лепшыя экзэмпляры, паколькі свята адзначаецца сумесна з праваслаўнай царквой.